Work Text:
Спачатку ўзняўся вецер. Прайшоўся вершалінамі дрэў, гуў напачатку няпэўна, пасля ўсё мацней. Спусціўся ніжэй, дабраўся да кустоўя, шамацеў пазасталымі лістамі. Нагнаў цяжкія снегавыя хмары. Яны набліжаліся нетаропка, але няўхільна.
Снег сыпануў адразу. Пухнатыя сузор’і сняжынак ляцелі, счапіўшыся, да зямлі, павісалі на галлі дрэваў ды кустоў, пакрывалі сабою быллё ды пажоўклую траву. Вецер, на імгненне суняўшыся, задзьмуў зноўку, закружыў сняжынкі ў паветры, пачаў кідацца імі ва ўсе бакі...
— Завіруха пачалася, — сказаў Мелудзір, глянуўшы ў акно. — Добра, што сёння не дзяжурства.
— Рудая ж дома? — запытаўся Феран, падняўшы вочы ад манускрыпта.
— Так, на печцы, — зацвердзіў Мелудзір.
— Урр, — адначасова з ім азвалася з печкі котка.
— То й добра, — кіўнуў Феран. — Хай сабе мяце...
— Калі заўтра снег будзе ляпіцца, то зробім снежную... котку, — усміхнуўся Мелудзір. — Ты не супраць?
— Я цалкам “за”, — усміхнуўся ў адказ Феран.
03.01.2026
